Тэлефон даверу
Калі вы валодаеце інфармацыяй аб учыненых або маючых адбыцца злачынствах, пазваніце па тэлефоне:
8 (017) 219-92-99

ДУА «Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублiкi Беларусь»



Гісторыя Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь бярэ свой пачатак 27 снежня 1946 года, калі загадам міністра дзяржаўнай бяспекі СССР №00563 у Львове была створана спецыяльная школа па падрыхтоўцы аператыўнага складу для органаў дзяржбяспекі. Улічваючы рэальны ўзровень пасляваеннай агульнай падрыхтоўкі курсантаў у навучальным працэсе нараўне са спецыяльнымі дысцыплінамі, значнае месца займалі агульнаадукацыйныя прадметы. 

З ростам патрэбнасці ў прававой падрыхтоўцы супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі ў красавіку 1952 года школа была пераўтворана ў спецыяльную навучальную ўстанову па падрыхтоўцы аператыўных работнікаў юрыдычнага профілю. З гэтага часу яе выпускнікам стаў выдавацца дыплом агульнадзяржаўнага ўзору аб атрыманні сярэдняй юрыдычнай адукацыі. 

У снежні 1954 года па рашэнні ўрада школа перадыслацыравана ў Магілёў, дзе з 1956 года пачала падрыхтоўку аператыўных работнікаў выключна на базе вышэйшай адукацыі. У 1957-1960 гадах школа ажыццяўляла падрыхтоўку супрацоўнікаў з веданнем замежнай мовы, а таксама перападрыхтоўку кадравага складу органаў дзяржбяспекі. 

На працягу доўгага часу школа з'яўлялася адной з дзвюх навучальных устаноў, нараўне з Вышэйшай школай КДБ СССР імя Ф. Э. Дзяржынскага (цяпер Акадэмія Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі), якія рыхтавалі кадры для тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай бяспекі. 

У жніўні 1961 года школа была пераведзена ў Мінск. З пераездам навучальнай установы ў сталіцу рэспублікі істотна палепшыліся ўмовы навучання і выхавання курсантаў, пашырыліся магчымасці прыцягнення да вучэбна-выхаваўчага працэсу не толькі супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі рэспублікі, але і высокакваліфікаваных выкладчыцкіх кадраў з акадэмічнага асяроддзя. 

Пачатак новаму этапу паклала распараджэнне Савета Міністраў СССР ад 18 верасня 1964 года, якім Мінская спецыяльная школа была пераўтворана ў Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР па падрыхтоўцы аператыўных работнiкаў для тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай бяспекі з гадавым тэрмінам навучання. 

У 1988 годзе курсы перайшлі на новую праграму падрыхтоўкі з правам выдачы дыплома аб атрыманні вышэйшай спецыяльнай адукацыі.

Начальнiк ДУА «Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» палкоўнік Сталярчук Алег Валер'евіч.

Інстытут нацыянальнай бяспекі сёння

Пасля атрымання Рэспублікай Беларусь суверэнітэту Вышэйшыя курсы КДБ СССР у студзені 1992 года былі перададзены пад юрысдыкцыю Камітэта дзяржбяспекі рэспублікі і сталі Вышэйшымі курсамі КДБ Рэспублікі Беларусь. У выніку пэўных змяненняў у характары, напрамках і прыярытэтах дзейнасці органаў дзяржбяспекі рэспублікі неабходныя карэктывы былі ўнесены і ў структуру навучальнай установы, а яе статус прыведзены ў адпаведнасць з прынятымі ў Беларусі нормамі. 

Зыходзячы з новых задач, пастаўленых урадам перад навучальнай установай, у красавіку 1994 года Вышэйшыя курсы КДБ былі пераўтвораны ў Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца ў веданні Камітэта дзяржаўнай бяспекі рэспублікі.

Цяпер Інстытут – шматпрофільная вышэйшая навучальная ўстанова. У ім функцыянуюць 12 спецыяльных кафедраў, дзейнічаюць два навукова-даследчыя аддзелы і дактарантура (ад'юнктура). Пераменны склад навучаецца на 3 факультэтах, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў. У інстытуце вядуць педагагічную і навукова-даследчую работу 1 акадэмік, 8 дактароў навук, 21 кандыдат навук, 9 прафесараў і 26 дацэнтаў. У ліку прафесарска-выкладчыцкага складу Інстытута працуюць філосафы, гісторыкі, сацыёлагі, псіхолагі, юрысты, эканамісты, палітолагі, члены Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, заслужаныя дзеячы мастацтваў, майстры спорту міжнароднага класа.

Аб парадку паступлення ў ДУА «Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (далей — Інстытут) ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў на першай і другой ступені вышэйшай адукацыі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі з ліку ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце ў органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей — органы дзяржаўнай бяспекі).

Падбор кандыдатаў для прыёму на ваенную службу па кантракце і накіраванне на навучанне ў Інстытут ажыццяўляецца тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі органаў дзяржаўнай бяспекі.

Абавязковымі ўмовамі для кандыдатаў з'яўляюцца:
  • наяўнасць грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
  • наяўнасць вышэйшай адукацыі;
  • праходжанне ваеннай службы па прызыве;
  • стаж працоўнай дзейнасці не меншы за адзін год;
  • адсутнасць судзімасці.
Жадаючым паступаць на ваенную службу па кантракце ў органы дзяржаўнай бяспекі з далейшым навучаннем у Інстытуце неабходна звяртацца ў тэрытарыяльныя падраздзяленні органаў дзяржаўнай бяспекі па месцы жыхарства.
Наверх