Тэлефон даверу
Калі вы валодаеце інфармацыяй аб учыненых або маючых адбыцца злачынствах, пазваніце па тэлефоне:
8 (017) 219-92-99

Кароткія біяграфіі кіраўнікоў

Яркін Віктар Іванавіч
Старшыня ЧК БССР (1918-1919)

Нарадзіўся 29 лістапада 1889 года ў в. Дзякоўскае Раманавабарысаглебскага павета Яраслаўскай губерні (цяпер Яраслаўская вобласць). Рускі.

У 1901 годзе скончыў Кіндзякоўскае народнае вучылішча.

Працоўную дзейнасць пачаў у 1902 годзе вучнем слесара ў вагонабудаўнічай майстэрні Пуцілаўскага завода, дзе прапрацаваў да 1907 года. Затым працаваў памочнікам повара ў рэстаранах Рыбінска, Берліна і Пецярбурга.

У 1914-1915 гадах знаходзіўся ў ссылцы ў Яраслаўскай губерні за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Пасля мабілізацыі ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на Заходнім фронце ў складзе 10-й арміі.

З сакавіка 1918 года — старшыня Заходняй абласной ЧК (Смаленск). Са студзеня 1919 года — старшыня ЧК БССР, адначасова старшыня Мінскага гарадскога Савета. У маі 1919 года адкамандзіраваны на чэкісцкую работу ў Паволжа. 

У 1919-1921 гадах — начальнік Волжскай абласной транспартнай ЧК, затым — старшыня Ніжагародскай губернскай ЧК. З 1921 года на рабоце ў сістэме Народнага камісарыята шляхоў зносін — намеснік начальніка Чарнаморскай акругі шляхоў зносін у Адэсе, намеснік упаўнаважанага НКШЗ Паўночна-заходняга абласнога ўпраўлення рачнога транспарту ў Петраградзе, начальнік Рыбінскага раённага ўпраўлення рачнога транспарту, намеснік начальніка гідратэхнічнага будаўніцтва Свірбуда, начальнік службы пуці і сувязі Паўночна-заходняга ўпраўлення рачнога транспарту ў Ленінградзе, затым у 1935-1937  гадах — начальнік службы пуці Днепрадзвінскага параходства ў Гомелі. 

Арыштаваны 26 лютага 1937 года. Выязной сесіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны па арт. арт. 58-8, 58-9 і 58-11 КК РСФСР да вышэйшай меры пакарання (ВМП). Прыгавор прыведзены ў выкананне 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 19 студзеня 1967 года.


Ротэнберг Аляксандр Іосіфавіч
Старшыня ЧК БССР (1920-1921)


Нарадзіўся ў 1886 годзе ў г. Жытоміры. Яўрэй. Удзельнік рэвалюцый 1905 і 1917 гадоў. Член Выканаўчага камітэта Маскоўскага Савета (1917-1918 гг.)

З 1918 года ў органах дзяржаўнай бяспекі. У 1920-1921 гадах — старшыня ЧК БССР. Звольнены ў адстаўку ў 1923 годзе з пасады старшыні ДПУ Крыма. Да 1939 года знаходзіўся ў запасе УНКУС СССР па Маскоўскай вобласці. Пасля 1939 года лёс невядомы.


Ольскі (Кулікоўскі) Ян Калікставіч
Старшыня ДПУ БССР (1921 — 1923) 

Нарадзіўся ў 1898 годзе ў маёнтку Бутрымавічы Трокскага павета Віленскай губерні (цяпер — Літва). Паляк.

У 1917-1918 гадах прымаў удзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе, знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце ў Вільні, служыў у Чырвонай Арміі.

З 1919 года ў органах дзяржаўнай бяспекі: начальнік аператыўнай часці, часова выконваючы абавязкі начальніка АА 16-й арміі, начальнік інфармацыйнага аддзялення АА і асобаўпаўнаважаны АА Заходняга фронту, начальнік АА 1-й Польскай Чырвонай арміі, начальнік АА 16-й арміі.

З 1921 года па 1923 год — старшыня ЧК БССР, затым старшыня ДПУ БССР. У 1923-1930 гадах — начальнік аддзялення, памочнік начальніка КРА АДПУ пры СНК СССР, начальнік аддзела пагранічнай аховы, галоўны інспектар Галоўнай інспекцыі войскаў АДПУ і начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ пры СНК СССР. 

З 1930 года — начальнік АА АДПУ пры СНК СССР. У 1931 годзе адкамандзіраваны ў распараджэнне ЦК ВКП(б) і ў далейшым працаваў на кіруючых пасадах у сістэме грамадскага харчавання. Апошняя пасада — начальнік Галоўнага ўпраўлення сталовых, рэстаранаў, кафэ і буфетаў «Саюзнархарч». 

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 

Арыштаваны 30 мая 1937 года «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі». 27 лістапада 1937 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны па артыкулах 58-1 "а", 58-8 і 58-11 КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 19 лiстапада 1955 года.


Пінталь Станіслаў Францавіч
Старшыня ДПУ БССР (1923-1924)

Нарадзіўся ў 1894 годзе ў г. Білгорай (цяпер Рэспубліка Польшча). Паляк.

У 1932-1935 гадах вучыўся ў Ваеннай акадэміі хімічнай абароны РСЧА (паводле іншых звестак, у 1935 годзе скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага).

У 1915-1920 гадах праходзіў службу ў арміі. Прымаў удзел у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях 1917 года ў Петраградзе, служыў у Чырвонай Арміі (удзельнічаў у баях на Заходнім фронце), быў камісарам па польскіх справах Заходняй вобласці. У органах дзяржаўнай бяспекі з 1920 года — начальнік ІНФА па 16-й арміі, начальнік АА 18-й дывізіі 16-й арміі. У 1921-1923 гадах — начальнік САЧ і адначасова намеснік старшыні ЧК БССР Я. К. Ольскага. У 1923-1924 гадах — старшыня ДПУ-АДПУ БССР.

З 1924 года — начальнік аддзялення, памочнік начальніка аддзялення АА АДПУ пры СНК СССР. У 1931-1932 гадах — старшы інспектар Мабаддзела АДПУ пры СНК СССР. У 1932 годзе адкамандзіраваны на вучобу ў Ваенную акадэмію хімічнай абароны РСЧА з пакіданнем у рэзерве АДПУ. У 1935 годзе з вучобы адкліканы.

У 1935-1937 гадах — намеснік начальніка, начальнік УНКУС Казахскай ССР па Паўднёва-Казахстанскай вобласці. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Арыштаваны 19 ліпеня 1937 года ў Чымкенце і этапаваны ў Маскву. Пастановай НКУС СССР, Пракуратуры СССР і старшыні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 9 снежня 1937 года за прыналежнасць да т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай» прыгавораны па артыкулах 58-1 “а”, 17-58 п.8 КК РСФСР да ВМП. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 7 сакавіка 1956 года.  


Мядзведзь Піліп Дзям’янавіч
Старшыня ДПУ БССР (1924-1925)

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў в. Масева Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Беларус.

Скончыў 3 курсы Варшаўскага тэхнічнага вучылішча Вавенберга і Ротвальда (у 1906 годзе выключаны за ўдзел у забастоўцы).

У 1906-1917 гадах працаваў тэхнікам-будаўніком у магістраце Варшавы, раздатчыкам і бракоўшчыкам Сакольніцкіх майстэрань Масквы, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваенным камісарам Сакольніцкага раёна г. Масквы.

З 1918 года ў органах дзяржбяспекі. Член Кантрольнай калегіі ВЧК (працаваў непасрэдна пад кіраўніцтвам Ф. Э. Дзяржынскага), старшыня Тульскай губЧК. У 1919-1924 гадах — начальнік АА ВЧК на Заходнім фронце, член Калегіі ВЧК, намеснік старшыні Маскоўскай ЧК, начальнік Маскоўскага губпалітупраўлення.
У 1924-1925 гадах — старшыня ДПУ БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Заходнім краі. У 1926-1934 гадах — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Далёкаўсходнім краі, у Ленінградскай ваеннай акрузе (адначасова начальнік Ленінградскага аблпалітупраўлення, з 1934 года — начальнік УНКУС СССР па Ленінградскай вобласці).

У снежні 1934 года арыштаваны і 23 студзеня 1935 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў, якія прывялі да гібелі С. М. Кірава, асуджаны на 3 гады ППЛ.
Адбываў пакаранне ў пас. Аратукан Магаданскай вобласці.

27 лістапада 1937 года Пастановай Камісіі НКУС СССР, Пракуратуры СССР і старшыні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР паўторна асуджаны і прыгавораны як удзельнік т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай» да ВМП.

Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 17 снежня 1957 года.


Піляр Раман Аляксандравіч
Старшыня ДПУ БССР (1925-1929)

Нарадзіўся ў 1894 годзе ў Вільні (паводле іншых звестак, ураджэнец Ломжынскай губерні Польшчы). У 1915 годзе скончыў Арэнбургскую гімназію, у 1917 годзе — 2 курсы юрыдычнага факультэта Петраградскага ўніверсітэта.

У 1917-1919 гадах — старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВК Савета рабочых дэпутатаў Літвы і Беларусі. З 1920 года ў органах дзяржаўнай бяспекі — асобаўпаўнаважаны АА ВЧК на Заходнім фронце, начальнік аддзялення, памочнік начальніка АА САУ ВЧК пры СНК РСФСР намеснік начальніка КРА АДПУ пры СНК СССР.

У 1925-1929 гадах — старшыня ДПУ БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Заходнім краі. У 1929 годзе назначаецца паўнамоцным прадстаўніком АДПУ пры СНК СССР па Паўночна-Каўказскім краі, затым — па Сярэдняй Азіі (з 1934 года — начальнік УНКУС СССР па Сярэдняй Азіі) і ў гэтым жа годзе — начальнікам УНКУС СССР па Саратаўскай вобласці.

За ўдзел у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе Б. В. Савінкава і разгроме яго падпольнай арганізацыі ў 1924 годзе ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

 Арыштаваны 15 мая 1937 года як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польскіх разведорганаў.

Пастановай Камісіі НКУС СССР, Пракуратуры СССР і старшыні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 2 верасня 1937 года прыгавораны па арт. 58-1 “а” КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 14 ліпеня 1957 года.


Рапапорт Рыгор Якаўлевіч

Старшыня ДПУ БССР (1929-1931)

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў м. Глуск Мінскай губерні (цяпер г. Глуск Магілёўскай вобласці). Яўрэй.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1918 года. Са снежня 1929 года па сакавік 1931 года — старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Беларускай ваеннай акрузе і начальнік АА БВА.

У 1936-1937 гадах — начальнік інспекцыі па якасці Наркама харчовай прамысловасці СССР.

Арыштаваны 16 ліпеня 1937 года. Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 лютага 1938 года прыгавораны «па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі правых» (артыкулы 58-1 “а”, 58-6, 58-8 і 58 — КК РСФСР) да ВМП.

Прыгавор прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў Маскве. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 22 верасня 1956 года.

Рэдзенс Станіслаў Францавіч
Старшыня ДПУ БССР (1931)

Нарадзіўся ў 1892 годзе ў г. Мазаўцы Ломжынскай губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства Рэспублікі Польшча). Паляк.

У 1917-1918 гадах працаваў электраманцёрам на Дняпроўскім металургічным заводзе ў с. Каменскае Екацярынаслаўскай губерні. З 1918 года ў органах дзяржаўнай бяспекі — сакратар старшыні ВЧК, старшыня Адэскай, Харкаўскай, затым Крымскай губЧК.

У 1921-1924 гадах — начальнік ААУ ВЧК пры СНК РСФСР (з 1922 года — ААУ ДПУ НКУС РСФСР), старшыня ДПУ Крыма і адначасова начальнік АА Чернаморскага флоту. З 1924 па 1926 год працаваў сакратаром Прэзідыума УСНГ. З 1928 года зноў у органах дзяржбяспекі — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР у Закаўказзі і адначасова старшыня ДПУ Закаўказзя.

У сакавіку — жніўні 1931 года — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БВА і адначасова старшыня ДПУ БССР. З 1931 года — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР ва УССР па Маскоўскай вобласці (з 1934 года — начальнік УНКУС СССР па Маскоўскай вобласці), народны камісар унутраных спраў Казахскай ССР. Узнагароджаны ордэнам Леніна.

Арыштаваны 22 лістапада 1938 года “як польскі шпіён і актыўны ўдзельнік контррэвалюцыйнай змоўніцкай арганізацыі ў органах НКУС”. 21 студзеня 1940 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны па артыкулах 58-1 “а”, 58-8 і 58-11 КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне 12 лютага 1940 года. Рэабілітаваны пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 16 лістапада 1961 года.


Матсон Герман Пятровіч
Старшыня ДПУ БССР (1931-1932)

Нарадзіўся ў 1896 годзе ў Сепкульскай воласці Вальміерскага павета Ліфляндскай губерні (цяпер Латвія). Латыш.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1918 года. У 1918-1921 гадах — старшыня Пскоўскай губернскай ЧК, затым — начальнік Тульскага гарадскога аддзела ДПУ, а ў 1931 годзе назначаецца паўнамоцным прадстаўніком АДПУ пры СНК СССР па Сярэдняй Азіі. 

Са жніўня 1931 года па красавік 1932 года — старшыня ДПУ БССР адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БССР і начальнік Асобага аддзела Беларускай ваеннай акругі.

У 1932-1934 гадах — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР у Татарыі, затым — начальнік Аддзела месц зняволення ГУЛАГа НКУС СССР. З 1935 года — дырэктар «Халбонбуда» Галоўзолата Усходне-Сібірскага края.

Арыштаваны 19 ліпеня 1937 года органамі пракуратуры Усходне-Сібірскага края. 16 чэрвеня 1938 года Военнай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР «за ўдзел у латышскай контррэвалюцыйнай фашысцка-нацыяналістычнай арганізацыі і змове правых» прыгавораны па артыкулах 58-8 і 58-11 КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў Маскве ў той жа дзень. Рэабілітаваны пастановай Ваеннага трыбунала Маскоўскай ваеннай акругі ад 18 ліпеня 1988 года.


 

Закоўскі Леанід Міхайлавіч
Старшыня ДПУ БССР (1932-1934)


Нарадзіўся ў 1894 годзе ў г. Лібаве Курляндскай губерні (цяпер г. Ліепая, Латвія). Латыш. Адукацыя сярэдняя.

Працоўную дзейнасць пачаў у 1909 годзе вучнем-рамонтнікам у медна-механічных майстэрнях Лібавы, затым хадзіў у рэйсы на гандлёвых суднах лініі Лібава — Нью-Ёрк. У 1913-1916 гадах за ўдзел у рэвалюцыйным руху знаходзіўся ў палітычнай ссылцы ў Мурманскім краі, адкуль уцёк.

У органах дзяржбяспекі з моманту стварэння ВЧК. Работу пачаў разведчыкам, затым — начальнік разведкі, камендант ВЧК, асобаўпаўнаважаны Прэзідыума ВЧК. У 1919-1925 гадах — начальнік АА Каспійска-Каўказскага фронту, начальнік аддзялення АА Маскоўскай ЧК, начальнік АА і САЧ Адэскай губЧК, начальнік Адэскага губаддзела ДПУ. На працягу 5 гадоў быў паўнамоцным прадстаўніком АДПУ пры СНК СССР і Сібірскім краі і адначасова начальнікам АА Сібірскай ваеннай акругі.

З красавіка 1932 года па ліпень 1934 года — паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР 110 па Беларускай ССР і адначасова старшыня ДПУ БССР. З ліпеня па снежань 1934 года — народны камісар унутраных спраў БССР.

У 1934-1937 гадах — начальнік УНКУС па г. Ленінградзе і Ленінградскай вобласці. З 1937 года — намеснік Народнага камісара ўнутраных спраў СССР і адначасова начальнік УНКУС СССР па Маскоўскай вобласці, начальнік будаўніцтва Куйбышаўскага гідравузла.

Арыштаваны 30 красавіка 1938 года па абвінавачанні ў шпіянажы і праватрацкісцкай дзейнасці. 29 жніўня 1938 года прыгавораны Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР па артыкулах 58-6, 58-КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Не рэабілітаваны.

 

Ляплеўскі Ізраіль Майсеевіч
Народны камісар унутраных спраў БССР (1934-1936)


Нарадзіўся ў 1894 годзе ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст). Яўрэй.

У 1914-1917 гадах служыў у Расійскай арміі. Удзельнік грамадзянскай вайны (у 1917 годзе прымаў удзел у ліквідацыі паўстання гайдамакаў у Екацярынаславе).

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1918 года. Службу праходзіў у Стаўрапольскай і Самарскай губернскіх ЧК. У 1919-1922 гадах — на падпольнай партыйнай рабоце ў Екацярынаславе, пасля ўстанаўлення ў горадзе савецкай улады — супрацоўнік, а затым начальнік губернскай ЧК.

У 1923-1925 гадах — начальнік Падольскага губернскага аддзела ДПУ, намеснік сакратара Падольскага губернскага камітэта КП(б) Украіны. У 1925-1934 гадах — начальнік ДПУ Адэскай губерні, супрацоўнік ДПУ УССР, АДПУ пры СНК СССР, АДПУ пры СНК СССР па Саратаўскім краі.

Са снежня 1934 года па лістапад 1936 года — народны камісар унутраных спраў БССР. У 1936-1937 гадах — намеснік народнага камісара ўнутраных спраў СССР, затым народны камісар унутраных спраў УССР, начальнік 6-га аддзела ГУДБ НКУС СССР. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двойчы ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі.

Арыштаваны 26 красавіка 1938 года. Прыгавораны Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 ліпеня 1938 года па артыкулах 58-1 “б”, 58-11 КК РСФСР за ўдзел у «антысавецкай арганізацыі правых» да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў Маскве ў той жа дзень.

Да гэтага часу праверка абгрунтаванасці асуджэння І.М Ляплеўскага не праводзілася.


Малчанаў Георгій Андрэевіч
Народны камісар унутраных спраў БССР (1936-1937)

Нарадзіўся 3 красавіка 1897 года ў г. Харкаве. Рускі. 

Адукацыя сярэдняя. У 1917-1919 гадах —  на франтах грамадзянскай вайны: служба ў штабе Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскаў Чырвонай Арміі Поўдня Расіі У. А.  Антонава-Аўсеенкі, памочнік начальніка наглядальнага аддзела Галоўнага ўпраўлення палявога штаба Усходняга фронту, затым асабісты ад’ютант старшыні РВС Паўночна-Усходняга фронту Туркестана. 

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1919 года — памочнік начальніка Асобага аддзела ў г. Самаркандзе, затым інспектар і загадчык палітбюро Нальчыкскай, Кабардзінскай і Балкарскай акруг (1920-1921 гады). У 1921-1922 гадах — начальнік САЧ і намеснік старшыні Горскай ЧК, начальнік САЧ і Горскага аддзела ДПУ.

З 1923 года — начальнік САЧ ПП АДПУ пры СНК СССР па Сібіры, намеснік начальніка Нова-Мікалаеўскага губаддзела АДПУ, затым — начальнік Іванава-Вазнясенскага гараддзела АДПУ і паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Іванава-Вазнясенскай прамысловай вобласці. У 1931-1936 гадах – начальнік САА АДПУ пры СНК СССР і начальнік СПА ГУДБ НКУС СССР. 

З лістапада 1936 года па сакавік 1937 года — народны камісар унутраных спраў БССР і па сумяшчальніцтве начальнік АА ГУДБ НКУС СССР па БВА. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 

Арыштаваны 7 сакавіка 1937 года як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі правых і здраднік Радзімы». 9 кастрычніка 1937 года па Пастанове Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў той жа дзень. Рэабілітаваны Галоўнай ваеннай пракуратурай Расійскай Федэрацыі ў 1996 годзе.


Берман Барыс Давыдавіч
Народны камісар унутраных спраў БССР (1937-1938)


Генерал-маёр дзяржбяспекі. Нарадзіўся ў 1901 годзе ў в. Андрыянаўка Ундургінскай воласці Забайкальскай губерні (цяпер — Чыцінская вобласць Расійскай Федэрацыі). Яўрэй.

Адукацыя сярэдняя. Працоўную дзейнасць пачаў у 1912 годзе ў прыватных магазінах г. Чыты, затым вучыўся ў Вышэйшым пачатковым вучылішчы, займаўся прыватнымі ўрокамі.

З 1921 года ў органах дзяржбяспекі — супрацоўнік Іркуцкага губернскага аддзела ДПУ. Ужо ў 1923 годзе — супрацоўнік Цэнтральнага апарату АДПУ СССР, затым — начальнік КРА, памочнік начальніка САУ ПП АДПУ пры СНК СССР па Сярэдняй Азіі. У 1931-1937 гадах на кіруючых пасадах Цэнтральнага апарату АДПУ — НКУС СССР.

З 4 сакавіка 1937 года па 22 мая 1938 года — народны камісар унутраных спраў БССР і адначасова начальнік АА ГУДБ НКУС СССР па БВА. Выбіраўся дэлегатам 16 з'езда КП(б)Б, членам ЦК КП(б)Б, дэпутатам ВС СССР.

Арыштаваны 24 верасня 1938 года на пасадзе начальніка 3-га ўпраўлення НКУС СССР. 22 лютага 1939 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны па артыкулах 58-1 "а", 58-8 і 58-11 КК РСФСР да ВМП.

Прыгавор прыведзены ў выкананне 23 лютага 1939 года. Згодна з Пастановай Галоўнай ваеннай пракуратуры ад 26 красавіка 1957 года, падстаў для рэабілітацыі няма.

У час кіравання Б. Д. Берманам НКУС БССР на тэрыторыі Беларусі былі праведзены найбольш маштабныя рэпрэсіі ў адносінах да насельніцтва рэспублікі. У матэрыялах архіўнай крымінальнай справы на наркама ўнутраных спраў БССР А.А. Наседкіна прыводзіцца факт, што ў студзені 1938 года на нарадзе ў наркама ўнутраных спраў СССР М.І. Яжова Б.Д. Берман назваў лічбу рэпрэсіраваных па Беларусі — 60 тысяч чалавек.


Наседкін Аляксей Аляксеевіч
Народны камісар унутраных спраў БССР (1938)


Нарадзіўся 6 лютага 1897 года ў в. Маурына Растоўскага павета Яраслаўскай губерні (па іншых звестках у Маскве). Рускі.

Адукацыя вышэйшая. Скончыў Інстытут чырвонай прафесуры. Пасля выключэння за няплату з Маскоўскага камерцыйнага вучылішча (1913 год) працаваў электраманцёрам у Маскоўскім электрычным таварыстве і на фабрыцы «Флетчэр», прымаў удзел у Кастрычніцкім паўстанні ў Маскве ў 1917 годзе ў складзе атрада барацьбы з юнкерамі.

У 1918-1920 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнік ліквідацыі Мамантаўскага рэйду і задушэння сялянскіх паўстанняў на Тамбоўшчыне, затым – начальнік кулямётнай каманды атрада спецыяльнага прызначэння, камандзір кулямётнай школы. У 1923-1926 гадах працаваў у партыйных органах Масквы.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1927 года. Супрацоўнік ЭКУ АДПУ пры СНК СССР, памочнік начальніка ЭКА і па сумяшчальніцтве начальнік пажарна-тэхнічнай інспекцыі ПП АДПУ пры СНК СССР па Маскоўскай вобласці. У 1934 годзе – начальнік ЭКА УДБ УНКУС СССР па Куйбышаўскай вобласці, з 1935 года – намеснік начальніка ЭКА УДБ УНКУС СССР па Маскоўскай вобласці і ў 1937 годзе – начальнік УНКУС СССР па Смаленскай вобласці. З 22 мая па 16 снежня 1938 года – народны камісар унутраных спраў БССР.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Арыштаваны 16 снежня 1938 года.

Пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 15 студзеня 1940 года прыгавораны па артыкулах 58-1 і 58-11 КК РСФСР да ВМП. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў Маскве 26 студзеня 1940 года. Не рэабілітаваны.


Цанава (Джанджагава) Лаўрэнцій Фаміч
Народны камісар унутраных спраў БССР (1938-1941)
Міністр Дзяржаўнай бяспекі БССР (1943-1951)


Нарадзіўся 9 жніўня 1900 года ў с. Нахунава Сенакскага павета Кутаіскай губерні (цяпер Рэспубліка Грузія). Грузін.

У 1912-1921 гадах вучыўся ў гімназіях і рускай сярэдняй школе, прымаў удзел у падпольным рэвалюцыйным і партызанскім руху за ўстанаўленне ў Грузіі савецкай улады. У органах дзяржаўнай бяспекі з 1921 года — супрацоўнік Грузінскай ЧК, упаўнаважаны па барацьбе з бандытызмам Азургетскага палітбюро Грузінскай ЧК.

У 1929-1933 гадах — начальнік АА 1-й Грузінскай стралковай дывізіі, начальнік Шарапонскага,  затым Чыятурыйскага РА ДПУ Грузінскай ССР; начальнік аддзялення, памочнік начальніка АА ДПУ, начальнік аддзялення СПА ДПУ Грузінскай ССР. З 1933 года — намеснік народнага камісара саўгасаў Грузінскай ССР, намеснік старшыні Усесаюзнага трэста лімонна-мандарынавых культур, намеснік старшыні Камітэта па справах субтропікаў пры СНК СССР, сакратар Поційскага ГК КП(б) Грузіі, першы намеснік народнага камісара земляробства Грузінскай ССР, кіраўнік будаўніцтва па асушэнні і асваенні Калхіды.

 З 17 снежня 1938 года па ліпень 1941 года — народны камісар унутраных спраў БССР, затым — народны камісар дзяржбяспекі БССР. У 1941-1943 гадах — начальнік АА Заходняга фронту, Цэнтральнага фронту, затым кіраўнік аператыўна-чэкісцкай групы НКУС БССР, намеснік камандуючага 2-м Беларускім фронтам.

З чэрвеня 1943 года па кастрычнік 1951 года — народны камісар дзяржбяспекі БССР, затым міністр дзяржбяспекі БССР. У 1951-1952 гадах — намеснік міністра дзяржбяспекі СССР. 11 сакавіка 1952 года звольнены ў запас МДБ з-за хваробы.
Узнагароджаны 13 ордэнамі Савецкага Саюза, двумя замежнымі ордэнамі, 13 медалямі.

Арыштаваны 4 красавіка 1953 года і абвінавачаны па артыкулах 135-2 і 193-17“б” КК РСФСР. 12 кастрычніка 1955 года памёр у Бутырскай турме. Рашэння па крымінальнай справе няма.


Баскакаў Міхаіл Іванавіч
Міністр дзяржаўнай бяспекі БССР (1952-1954)


Нарадзіўся ў лістападзе 1905 года ў г. Маскве. Рускі.

У 1933 годзе скончыў факультэт знешняга гандлю Маскоўскага інстытута ўсходазнаўства пры ЦВК СССР. Працоўную дзейнасць пачаў у 1918 годзе вучнем слесара, выбіраўся старшынёй сельсавета Увараўскага раёна, членам праўлення і загадчыкам сыравіннага аддзела Івакінскага сельскагаспадарчага таварыства Маскоўскай вобласці.

Праходзіў ваенную службу ў радах Чырвонай Арміі. З 1928 года на камсамольскай і партыйнай рабоце — інструктар і прадстаўнік МК УЛКСМ у Маскрэдытпрамсаюзе, сакратар ячэйкі ВКП(б) Масаблдруксаюза (Масква).

У органах дзяржбяспекі з 1933 года. Службу пачаў супрацоўнікам цэнтральнага апарату АДПУ пры СНК СССР (з 1934 года — НКУС). У 1938 годзе назначаецца намеснікам народнага камісара, затым народным камісарам унутраных спраў Карэла-Фінскай ССР, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў адным з кіраўнікоў Рэспубліканскага штаба партызанскага руху. У 1943 годзе — начальнік УНКДБ СССР па Горкаўскай вобласці, затым у 1946 годзе — міністр дзяржбяспекі Узбекскай ССР, а ў 1951 годзе — начальнік УМДБ СССР па Хабараўскім краі.

З лютага 1952 года па 16 сакавіка 1953 года — міністр дзяржбяспекі БССР, а з 21 ліпеня 1953 года — міністр унутраных спраў БССР. Выбіраўся членам Бюро ЦК КП(б) Карэла-Фінскай ССР Узбекістана і Беларусі, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, дэлегатам XX з’езда КП(б) Беларусі і XIX з’езда ВКП(б).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, «За абарону Савецкага Запаляр’я» і інш.

Звольнены ў адстаўку з-за хваробы ў лютым 1958 года.


Перапяліцын Аляксандр Іванавіч
Старшыня КДБ пры СМ БССР (1954-1959)


Нарадзіўся 25 лютага 1913 года ў г. Энгельс Саратаўскай вобласці. Рускі.

Адукацыя — вышэйшая, у 1948 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б) (завочна). Працоўную дзейнасць пачаў у 1929 годзе слесарам паравознага дэпо ст. Пакроўск. У 1933-1935 гадах праходзіў службу ў РСЧА, затым да 1941 года працаваў слесарам, начальнікам пашпартнага стала аддзела прыёму і звальнення паравознага дэпо ст. Пакроўск, выбіраўся сакратаром вузлавога камітэта УЛКСМ і сакратаром вузлавога камітэта ВКП(б) ст. Пакроўск Разанска-Уральскай чыгункі.
У 1941-1944 гадах займаў пасады сакратара па прамысловасці і транспарце, 2-га сакратара Энгельскага гаркама ВКП(б), з 1944 года на партыйнай рабоце ў БССР — інструктар аддзела кадраў ЦК КП(б), намеснік загадчыка, загадчык адміністрацыйнага аддзела ЦК КП(б). У 1952 годзе па персанальным рашэнні ЦК КПСС накіраваны на работу ў органы дзяржаўнай бяспекі і назначаны намеснікам міністра дзяржбяспекі БССР.

З 6 красавіка 1954 года па 31 жніўня 1959 года — старшыня КДБ пры СМ БССР. У 1959-1967 гадах — намеснік Старшыні КДБ пры СМ СССР. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 7 медалямі.

Памёр 15 жніўня 1967 года.


Пятроў Васіль Іванавіч
Старшыня КДБ пры СМ СССР (1959-1970)


Нарадзіўся 31 снежня 1918 года ў с. Бяляева Веліжскага павета Віцеб­скай губерні (цяпер Веліжскі раён Смаленскай воб­ласці). Рускі.

У 1939 годзе скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча сувязі імя М. І. Калініна, у 1951 го­дзе — юрыдычны факультэт Львоў­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.Франко (экстэрнам).

Пасля вучобы ў ваенным вучылішчы — у органах дзяржаўнай бяспекі: супрацоўнік АА УДБ НКУС СССР Кіеўскай асобай ваеннай акругі.

 У 1941-1946 гадах — супрацоўнік АА Паўднёва-Заходняга і Сталінградскага франтоў, супрацоўнік ГУКР «Смерш» НКА СССР Паўднёвага, 4-га Украінскага франтоў, затым Прыкарпацкай ваеннай акругі.

З 1946 года — начальнік аддзялення, намеснік начальніка аддзела, начальнік аддзела УВКР МДБ СССР, начальнік аддзела контрразведкі 8-й меха­нізаванай арміі Прыкарпацкай ваеннай акругі. У 1954 годзе назначаецца намеснікам начальніка 3-га Галоўнага ўпраў­лення КДБ пры СМ СССР, а ў 1956 — начальнікам АА КДБ пры СМ СССР па Бе­ларускай ваеннай акрузе. З 13 кастрычніка 1959 года па 10 жніўня 1970 года — старшыня КДБ пры СМ БССР.

У 1970-1980 гадах — начальнік АА КДБ пры СМ СССР у Паўночнай групе войскаў. Пасля звальнення ў запас кіраваў аддзелам Міністэрства гандлю БССР (1981-1983 гады).

Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеней, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 3-й ступені, Баявым Чэхаславацкім крыжам, Камандорскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы і многімі медалямі.

Памёр у 2003 годзе.


Нікулкін Якаў Пракопавіч
Старшыня КДБ пры СМ БССР (1970-1980)


Нарадзіўся 29 красавіка 1913 года ў с. Падбужжа Хвастовіцкага павета Калужскай губерні (цяпер Калужская вобласць). Рускі.

Пасля вучобы ў педагагічным тэхнікуме г. Жыздра Калужскай вобласці і Бранскім тэхнікуме шляхоў зносін (скончыў у 1934 годзе) працаваў тэхнікам праектнага бюро Далёкаўсходняй чыгункі, затым начальнікам сакрэтнай часці Далёкаўсходняй праектнай канторы «Саюзтранспраект» у Хабараўску. З 1940 года ў органах дзяржаўнай бяспекі.
Супрацоўнік аператыўнага пункта НКУС станцыі Ін, затым дарожна-транспартнага аддзялення НКУС Далёкаўсходняй чыгункі. У 1941-1945 гадах — супрацоўнік УНКДБ па Хабараўскім краі і транспартнага аддзела НКУС Далёкаўсходняй чыгункі. З 1945 года — супрацоўнік аддзела МДБ Беластоцкай, затым намеснік начальніка аддзела МДБ Брэст-Літоўскай чыгункі. У 1948-1954 гадах — намеснік начальніка Упраўлення аховы МДБ Брэст-Літоўскай, Ленінградскай, начальнік Упраўлення аховы Томскай чыгунак, начальнік УКДБ пры СМ СССР на Томскай чыгунцы.

З 1954 года — намеснік начальніка 6-га Галоўнага ўпраўлення (транспартнага) КДБ пры СМ СССР затым начальнік УКДБ пры СМ СССР на Маскоўска-Курска-Данбаскай і Маскоўскай чыгунках. У 1960-1970 гадах — старшыня КДБ пры СМ Башкірскай АССР, старшы кансультант апарату КДБ пры СМ СССР пры МГБ МНК, намеснік начальніка УКДБ пры СМ СССР па г. Маскве і Маскоўскай вобласці. З 23 чэрвеня 1970 года па 4 жніўня 1980 года — старшыня КДБ пры СМ БССР.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, мангольскім ордэнам «За баявыя заслугі», афіцэрскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і 10 медалямі.

Памёр у 1983 годзе.


Балуеў Веньямін Георгіевіч
Старшыня КДБ БССР (1980-1990)


Нарадзіўся 6 снежня 1927 года ў в. Вінаградава Архангельскай вобласці. Рускі.
У 1949 годзе скончыў Комі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці гісторыя, у 1955 годзе — школу № 202 КДБ пры СМ СССР.

У 1949 годзе залічаны на службу ў органы дзяржаўнай бяспекі, якую пачаў супрацоўнікам МДБ Комі АССР, дзе прайшоў шлях ад радавога аператыўнага супрацоўніка да Старшыні КДБ пры Савеце Міністраў Комі АССР.

У 1970 годзе назначаны начальнікам УКДБ пры СМ СССР па Амурскай вобласці, а ў 1975 годзе — начальнікам УКДБ пры СМ СССР па Новасібірскай вобласці. У 1980 годзе непрацяглы час быў намеснікам начальніка Інспектарскага ўпраўлення КДБ СССР.

З 4 жніўня 1980 года па 24 лістапада 1990 года — старшыня КДБ БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР дэлегатам XXVI, XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС, XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС, XXIX і XXX з’ездаў КПБ. Член Цэнтральнага Камітэта і Бюро ЦК КПБ у 1981-1990 гадах. 

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны" і 13 медалямі. Ганаровы супрацоўнik дзяржбяспекі.

 Памёр у 2006 годзе.


Шыркоўскі Эдуард Іванавіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (1990-1994)


Нарадзіўся 18 красавіка 1932 года ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы (цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Беларус.

У 1954 годзе скончыў Мінскі юрыдычны інстытут, у 1959 годзе — школу № 304 КДБ пры СМ СССР.

Пасля вучобы ў Мінскім юрыдычным інстытуце працаваў следчым пракуратуры Камсамольска-на-Амуры.

У 1955-1957 гадах на камсамольскай рабоце — сакратар райкама УЛКСМ Камсамольска-на-Амуры.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1957 года — курсант школы № 304, затым у 1959-1961 гадах супрацоўнік следчага аддзела УКДБ пры СМ СССР па Свярдлоўскай вобласці. З 1961 года — супрацоўнік АА КДБ пры СМ СССР Уральскай ваеннай акругі.

У 1968-1973 гадах — супрацоўнік следчага адзела КДБ пры СМ СССР.

У 1973-1985 гадах — начальнік аддзялення, намеснік начальніка аддзела, начальнік аддзела 2-га Галоўнага ўпраўлення КДБ пры СМ СССР. З 1985 года праходзіў службу ў КДБ БССР — начальнік УКДБ БССР па Віцебскай вобласці. У 1988 годзе назначаны Першым намеснікам Старшыні КДБ БССР. З 16 лістапада 1990 года па 25 студзеня 1994 года — Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. 

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны", 12 медалямі. Ганаровы супрацоўнik дзяржбяспекі.

 Памёр у 2002 годзе.


Лавіцкі Генадзь Міхайлавіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (1994)


Нарадзіўся 28 жніўня 1942 года ў в. Нова-Беліца Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Беларус.

У 1970 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава па спецыяльнасці біялогія і хімія, у 1971 годзе — Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1960 годзе рабочым Віцебскага тэхналагічнага ўчастка рачных шляхоў. У 1961-1970 гадах вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і праходзіў ваенную службу ў Ваенна-Марскім флоце СССР.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1970 года. Службу пачаў ва УКДБ пры СМ БССР па Віцебскай вобласці, дзе прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да памочніка начальніка Упраўлення па кадрах.

У 1984 годзе назначаны на пасаду намесніка начальніка 3-га ўпраўлення КДБ БССР. У гэтым жа годзе адкамандзіраваны ў цэнтральны апарат КДБ СССР і назначаны старшым інспектарам Інспектарскага ўпраўлення. У 1988-1994 гадах — намеснік Старшыні КДБ БССР (з 1991 года — КДБ Рэспублікі Беларусь).

З 22 лютага па 23 ліпеня 1994 года — Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 1995 года назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Ізраілі.

Узнагароджаны 15 медалямі.

Памёр у 2013 годзе.


Ягораў Уладзімір Дзям’янавіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (1994-1995)


Нарадзіўся 7 лістапада 1939 года ў в. Рэчыца Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Беларус.

У 1967 годзе скончыў (завочна) Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці гісторыя, у 1979 годзе — Вышэйшую школу КДБ СССР імя Ф. Э. Дзяржынскага.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 годзе пасля заканчэння Рэспубліканскага культасветвучылішча імя Н. К. Крупскай дырэктарам Чэрыкаўскага раённага Дома культуры, затым да 1962 года праходзіў абавязковую ваенную службу ў Савецкай Арміі. Быў на камсамольскай рабоце — інструктар Магілёўскага АК ЛКСМБ, 2-і, затым 1-ы сакратар Магілёўскага ГК ЛКСМБ, сакратар-загадчык аддзела прапаганды і культурна-масавай работы Магілёўскага АК ЛКСМБ, загадчык аддзела студэнцкай моладзі ЦК ЛКСМБ, старшыня Камітэта маладзёжных арганізацый БССР. З 1974 па 1977 год — сакратар ЦК ЛКСМБ.

У органах дзяржбяспекі з 1977 года — слухач Вышэйшай школы КДБ, затым намеснік начальніка аддзела КДБ пры СМ БССР.

У 1981 годзе накіраваны на работу ў органы ўнутраных спраў — начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама, першы намеснік міністра ўнутраных БССР, міністр унутраных спраў Латвійскай ССР, кіраўнік Прадстаўніцтва МУС СССР пры МУС ДРА, начальнік ГУУС на транспарце МУС СССР, міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

З ліпеня 1994 года па снежань 1995 года — старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь.

З лютага 1996 года па лістапад 2000 года — дэпутат ВС Рэспублікі Беларусь, старшыня Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджаны ордэнамi Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны" i 25 медалямі.

Памёр у 2016 годзе.

 

Мацкевіч Уладзімір Аляксандравіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (1995-2000)


Нарадзіўся 1 сакавіка 1947 года ў г.п. Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Беларус.

У 1970 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава па спецыяльнасці хімічная тэхналогія перапрацоўкі нафты і газу, у 1978 годзе — Чырванасцяжны інстытут КДБ пры СМ СССР.

Працоўную дзейнасць пачаў пасля заканчэння інстытута інжынерам-тэхнолагам на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры Гомельскай вобласці, затым — старшы інжынер тэхнічнага аддзела, старшы інжынер-тэхнолаг устаноўкі ЛК-6У і начальнік устаноўкі гідраачысткі дызельнага паліва.

У 1973–1976  гадах на камсамольскай рабоце — 2-і, потым 1-ы сакратар Мазырскага гаркама ЛКСМБ, 2-і сакратар Гомельскага АК ЛКСМБ.

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1976 года. Пасля заканчэння Чырванасцяжнага інстытута КДБ пры СМ СССР на працягу чатырох гадоў праходзіў службу супрацоўнікам УКДБ БССР па Гомельскай вобласці. У 1982 годзе назначаны начальнікам Наваполацкага ГА УКДБ БССР па Віцебскай вобласці. З 1985 года — намеснік начальніка аддзела, начальнік аддзела 4-га ўпраўлення КДБ БССР.

У 1990-1994  гадах — намеснік начальніка, затым начальнік УКДБ БССР (з 1991 года — УКДБ Рэспублікі Беларусь) па Мінскай вобласці. У 1994-1995 гадах — начальнік УКДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.

Са снежня 1995 года па лістапад 2000 года — старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2001 года назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія. 

Узнагароджаны 15 медалямі і імянной зброяй.


Ерын Леанід Ціханавіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (2000-2004)


Нарадзіўся 17 лістапада 1951 года ў г. Оршы Віцебскай вобласці. Рускі.

У 1973 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту па спецыяльнасці інжынер-механік, у 1981 годзе — Чырванасцяжны інстытут КДБ СССР. Доктар навук у галіне інфармацыйных тэхналогій, член-карэспандэнт МАІТ.

У 1973 годзе пасля вучобы ў інстытуце непрацяглы час працаваў памочнікам машыніста лакаматыўнага дэпо ст. Свярдлоўск-сартавальны, затым праходзіў ваенную службу ва Узброеных Сілах СССР. З 1975 года ў органах дзяржаўнай бяспекі. Службу пачаў оперупаўнаважаным, быў старшым оперупаўнаважаным УКДБ БССР па Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння Чырванасцяжнага інстытута КДБ СССР прадоўжыў службу старшым оперупаўнаважаным, начальнікам групы 4-га ўпраўлення КДБ БССР. У 1989 годзе назначаны старшым оперупаўнаважаным 4-га ўпраўлення КДБ СССР (МБ, ФСК, затым ФСБ Расійскай Федэрацыі). З 1995 года — намеснік, затым Першы намеснік Старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь.

У верасні 2000 года назначаны начальнікам Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З лістапада 2000 года — Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і 20 медалямі, а таксама афганскім ордэнам "Зоркі" III ступені i знакам "Ганаровы супрацоўнiк КДБ".


Сухарэнка Сцяпан Мікалаевіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (2005-2007)


Нарадзіўся 27 студзеня 1957 года ў в. Здудзічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Беларус.

У 1980 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава, у 1985 годзе — Вышэйшыя курсы КДБ СССР, у 1996 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (завочна).

Пасля вучобы ў Светлагорскім прафесійна-тэхнічным гарадскім вучылішчы № 50 Гомельскай вобласці паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут, пасля заканчэння якога працаваў майстрам, начальнікам змены, намеснікам начальніка цэха Мінскага керамічнага завода ВА «Мінскбудматэрыялы».

У органах дзяржаўнай бяспекі з 1984 года: курсант Вышэйшых курсаў КДБ СССР, супрацоўнік, старшы супрацоўнік УКДБ БССР па Мінскай вобласці. У 1989 годзе назначаецца намеснікам, а затым начальнікам Барысаўскага гараддзела УКДБ БССР па Мінскай вобласці (з 1992 года — УКДБ Рэспублікі Беларусь па г. Мінску і Мінскай вобласці).

У 1993-1994 гадах — старшы супрацоўнік, галоўны супрацоўнік Інспекцыі КДБ Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 1994 года адкамандзіраваны ў апарат Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. У 1997–1998 гадах — намеснік Старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь. Са жніўня 1998 года — начальнік УКДБ Рэспублікі Беларусь па г. Мінску і Мінскай вобласці. 17 кастрычніка 2000 года назначаны Першым намеснікам Старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь. З 2005 па 2007 год — Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь.

Са жніўня 2008 - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Арменіі.

Узнагароджаны 15 медалямі i знакам "Ганаровы супрацоўнiк КДБ".


Жадобін Юрый Віктаравіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (2007-2008) 

Нарадзіўся 14 лістапада 1954 года ў Днепрапятроўску (Украіна). 

Ва Узброеных Сілах — з 1972 года. У 1976 годзе скончыў Казанскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, у 1985 годзе — камандны факультэт Ваеннай акадэміі бранятанкавых войскаў у Маскве.
 
З 1976 па 1990 год праходзіў службу на камандных пасадах ва Узброеных Сілах. Прайшоў шлях ад камандзіра танкавага ўзвода да камандзіра палка. 

З 1990 года па 1999 год займаў кіруючыя пасады ў сістэме Грамадзянскай абароны Беларусі і ва Унутраных войсках МУС. У 1999 годзе назначаны на пасаду намесніка Міністра ўнутраных спраў — Камандуючага ўнутранымі войскамі. З верасня 2003 года кіраваў Службай бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 334 ад 17 ліпеня 2007 года генерал-маёр Жадобін Юрый Віктаравіч назначаны Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

З ліпеня 2008 года - Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі.

Са снежня 2009 года - Міністр абароны Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджаны ордэнамi Чырвонай Зоркі, Айчыны IIІ ступенi, "За службу Радзiме" III ступені, ордэнам Дружбы Расiйскай Федэрацыi i 30 медалямі.


Зайцаў Вадзім Юр’евіч
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (2008-2012)

Нарадзіўся ў 1964 годзе ва Украіне. 

У 1986 годзе скончыў Маскоўскае вышэйшае пагранічнае каманднае вучылішча КДБ СССР, у 1997 годзе – Акадэмію Федэральнай пагранслужбы Расіі, у 2004 годзе – Ваенную акадэмію Генштаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. 

Праходзіў службу на розных пасадах у пагранічных войсках. Прайшоў шлях ад намесніка начальніка пагранічнай заставы да першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта – начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 387 ад 15 ліпеня 2008 года назначаны Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджаны 16 медалямі.

Наверх