Комитет государственной безопасности Республики Беларусь
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Аб спыненні супрацьпраўнай дзейнасці

19 мая 2017
Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у рамках барацьбы з карупцыяй 18 красавіка бягучага года пры атрыманні хабару ў памеры 2,8 тыс. еўра з доказамі злачынства затрыманы галоўны ўрач УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца» В. Осочук.
 
У далейшым за атрыманне хабараў затрыманы дзесяць кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, а таксама г. Мінска. Сумы незаконных грашовых узнагарод складалі ад 400 долараў да 5 тыс. долараў ЗША.
 
Устаноўлена, што службовыя асобы на сістэмнай аснове атрымлівалі хабары за стварэнне ўмоў для перамогі ў ходзе тэндарных таргоў «патрэбнага пастаўшчыка» абсталявання і рэагентаў у інтарэсах клініка-дыягнастычных лабараторый. Пасля ўдалага афармлення здзелкі менеджары камерцыйных структур перадавалі службовым асобам незаконную ўзнагароду – да пяці працэнтаў ад кошту рэалізаваных тавараў. Функцыянаванне згаданых схем вяло да павелічэння кошту абсталявання і рэагентаў на 30-70 працэнтаў для бальніц і паліклінік, а фактычна – для бюджэту краіны, з якога аплачваліся ўсе закупкі.
 
Адносна вышэйназваных асоб узбуджаны крымінальныя справы па арт. 430 («атрыманне хабару») КК Рэспублікі Беларусь, прад'яўлены абвінавачанні і прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.
 
Акрамя супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя па арт. 431 («даванне хабару») КК Рэспублікі Беларусь затрыманы і змешчаны пад варту хабарадавальнікі з ліку функцыянераў камерцыйных структур, у т.л. кіраўнік НВПУП «Белрэамед» Н. Аганесян.
 
КДБ прадаўжае правядзенне следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх удзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці.
 
19 красавіка бягучага года таксама ўзбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 («крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры») КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да галоўнага ўрача ДУ «Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі» В. Масло. Апошні арганізаваў крадзеж грашовых сродкаў, якія налічваліся падначаленым яму работнікам адміністрацыі ў выглязе прэміяльных выплат, на суму не меншую за 21 тыс. беларускіх рублёў. В. Масло затрыманы, яму прад'яўлена абвінавачанне. Крымінальная справа для далейшага расследавання перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: http://kgb.by/by/news-by/view/ab-spynenni-supratspraunaj-dzejnastsi-163