Тэлефон даверу
Калі вы валодаеце інфармацыяй аб учыненых або маючых адбыцца злачынствах, пазваніце па тэлефоне:
8 (017) 219-92-99
Галоўная Для СМI Паведамленнi

Паведамленнi

Аб спыненні проціпраўнай дзейнасці службовых асоб у сферы ЖКГ

21.01.2017
КДБ Рэспублікі Беларусь выкрыта, задакументавана і спынена проціпраўная дзейнасць службовых асоб камерцыйных структур, прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы энергетыкі, якія арганізавалі карупцыйную сістэму паставак прадукцыі для дзяржаўных патрэб па завышаным кошце.
 
Устаноўлена, што з 2014 г. прадстаўнікі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацый энергетыкі забяспечвалі правядзенне «заказных» біржавых таргоў для рэалізацыі дарагой прадукцыі – папярэдне тэрмаізаляваных труб (ПІ-труб).

Заснавальнікам і дырэктарам ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» з’яўляецца Кныровіч Аляксандр Станіслававіч, у адносінах да якога ў 2008 г. ДФР КДК узбуджалася крымінальная справа па арт. 243 («ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў») КК Рэспублікі Беларусь. Ён быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотным пакрыццём прычыненага ўрону ў адпаведнасці з арт. 88-1 КК Рэспублікі Беларусь.

Першапачаткова бакі ў прыватным парадку дагаворваліся па ўмовах маючай адбыцца здзелкі (аб’ём, цана, «адкат» і г.д.). Затым пакупнікі з ліку службовых асоб ЖКГ і энергетыкі паведамлялі прадстаўнікам ТАА звесткі са спецыфікацый па ПІ-трубах, што давала магчымасць фірме сфарміраваць прапанаванне ў поўнай адпаведнасці з заяўкай на закупку, размешчанай на ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа».

Афармленне «заказных» таргоў і іх правядзенне праз біржу ажыццяўлялі атэставаныя брокеры, якія працавалі ў інтарэсах кіраўніцтва ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг», а таксама атрымлівалі незаконныя ўзнагароды – 2-3% ад цаны здзелак (службовыя асобы прадпрыемстваў – да 7,5%).

Пры гэтым сумы «адкатаў» закладваліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой у далейшым улічвалася пры фарміраванні камунальных тарыфаў, г.зн. фактычна прыбытак камерсантаў і хабары службовых асоб аплачваліся за кошт насельніцтва.

У 2014-2016 гг. ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» паставіла арганізацыям рэспублікі трубнай прадукцыі на суму больш за 90 млн. рублёў.

Задакументавана выкарыстанне камерцыйнай структурай цэнтралізаванага «фонду размеркавання хабараў» на аплату паслуг службовых асоб у г. Мінску, Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Дастаўка хабараў у рэгіёны ажыццяўлялася толькі пасля паступлення плацяжоў па кантрактах спецыяльна выдзеленымі менеджарамі фірмы, «замацаванымі» за канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі.

У сваю чаргу прыбытак ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг», атрыманы ў выніку «заказных» таргоў, аператыўна пераводзіўся на рахункі афіляваных структур, у т.л. незаконна выводзіўся за мяжу для атрымання наяўных сродкаў праз створаныя для гэтага замежныя кампаніі.

Пры гэтым выведзеныя грашовыя сродкі размяркоўваліся паміж кіраўніцтвам беларускай фірмы, а таксама выкарыстоўваліся для дачы хабараў службовым асобам.

24-26 студзеня 2017 г. з доказамі злачынства пры атрыманні чарговых хабараў на агульную суму больш як 20 тыс. рублёў за садзейнічанне ў прасоўванні прадукцыі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» затрыманы кіраўнікі і службовыя асобы дзяржаўных арганізацый А. Жур (ДУВП «Бярозаўская ЖКГ»), А. Клец (РУП «Брэстэнерга»), І. Сцішонак (КВУП «Гомельаблцепласеткі»), М. Аўдзяйчук і М. Даніловіч (УВТК КУП «Брэстжылбуд»). Адначасова затрыманы брокер А. Калтуноў (дырэктар ТАА «Аншанс Плюс»), які прадстаўляў на біржы інтарэсы КВУП «Гомельаблцепласетка» і РУП «Свіслацкая ЖКГ».

Адносна названых асоб узбуджаны крымінальныя справы па арт. 430 («атрыманне хабару») КК Рэспублікі Беларусь. Намеснікі А. Кныровіча па камерцыйных пытаннях Я. Папоўскі і па фінансах і эканоміцы І. Максімаў, якія арганізоўвалі перадачу грошай, прыцягнуты да адказнасці па арт. 431 («дача хабару») КК Рэспублікі Беларусь.

З улікам атрыманых матэрыялаў аб ухіленні ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» ад выплаты падаткаў на суму не менш як 2,8 млн. рублёў 25 студзеня 2017 г. затрыманы дырэктар (заснавальнік) ТАА А. Кныровіч, яго намеснікі І. Максімаў і Я. Папоўскі, сузаснавальнік фірмы В. Дашкевіч, вядучы эканаміст А. Кускоў і вядучы спецыяліст па ЗЭД Н. Казлоўская. У адносінах да іх узбуджана крымінальная справа па арт. 243 («ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў») КК Рэспублікі Беларусь.

Пры правядзенні неадкладных следчых дзеянняў канфіскавана т.зв. чорная бухгалтэрыя ТАА з інфармацыяй аб «дагаворных» здзелках, пячаткі, бланкі і дакументацыя падкантрольных А. Кныровічу фірм.

Па выніках аператыўнай распрацоўкі, што ахапіла практычна ўсе рэгіёны рэспублікі, затрыманы і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ 11 чалавек, якія прызналі віну.

Праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці падазроных.

Наверх