Тэлефон даверу
Калі вы валодаеце інфармацыяй аб учыненых або маючых адбыцца злачынствах, пазваніце па тэлефоне:
8 (017) 219-92-99

Упраўленне ваеннай контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь

19 снежня 1918 года на пасяджэнні ЦК РКП(б) было прынята рашэнне аб аб’яднанні Аддзела Ваеннага кантролю Рэўваенсавета і Ваеннага аддзела ВЧК і стварэнні на іх базе Асобага аддзела ВЧК. З гэтай даты вядзе свой летапіс і беларуская ваенная контрразведка, хоць першыя контрразведвальныя структуры з'явіліся на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў Першую сусветную вайну. У студзені 1919 года быў створаны Асобы аддзел Заходняй ваеннай акругі. Ён быў сфарміраваны на базе Аддзела ваеннага кантролю Мінскай ваеннай акругі. Ужо ў сакавіку 1920 года раскрыта контррэвалюцыйная арганізацыя ў Вільні, арыштавана 150 чалавек. Па заяве рабочага Паўлюка, армейская контрразведка ліквідавала банду ў Мінску. Сярод затрыманых былі дыверсанты, якія падарвалі мост стратэгічнага значэння цераз раку Пліса ў раёне Барысава. У ліпені 1919 года Асобы аддзел 16-й арміі прадухіліў узброенае паўстанне, пры гэтым была канфіскавана вялікая колькасць зброі і боепрыпасаў, а таксама карты з дыслакацыяй часцей 16-й арміі. У 1921–1922 гадах асобыя аддзелы Заходняга фронту і кіраўніцтва ВЧК-ДПУ правялі шэраг мерапрыемстваў, вынікам якіх стала аперацыя «Сіндыкат-2». Упершыню ў гісторыі спецслужбаў савецкая контрразведка ажыццявіла масавую перавярбоўку польскіх разведчыкаў, прычым не для агентурнай работы, а для работы ў якасці кадравых супрацоўнікаў ВЧК.

Па рашэнні старшыні ЦВК БССР 1 сакавіка 1922 года было створана ДПУ пры ЦВК БССР. У маі 1922 года Калегія ДПУ пастанавіла рэфармаваць асобыя аддзелы, падзяліўшы іх на дзве часткі. 12 ліпеня 1922 года выйшаў адпаведны загад ДПУ № 133. За кошт штатнай колькасці Асобага аддзела ДПУ і найбольш вопытных кадраў быў створаны Контрразведвальны аддзел (КРА) ДПУ.

Міжнародная абстаноўка на пачатку 1930 года абумовіла чарговую рэформу органаў дзяржбяспекі. Функцыі апарату Асобага аддзела па БВА выконваў Асобы аддзел ПП АДПУ па БВА (у 1927 Паўнамоцнае прадстаўніцтва АДПУ па Зах. краі было перайменавана ў ПП АДПУ па БВА), але начальнікам акруговага асобага аддзела, пачынаючы з 1930 года, афіцыйна з'яўляўся паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і па сумяшчальніцтве старшыня ДПУ БССР.

У 1941 годзе Асобы аддзел па БАВА перайменаваны ў Асобы аддзел НКУС Заходняй асобай ваеннай акругі.

19 красавіка 1943 года І. В. Сталін падпісаў пастанову СНК № 415-138 сс, згодна з якой Упраўленне асобых аддзелаў (УАА) пад новай назвай «Смерш» (смерць іншаземным шпіёнам) выдзялялася са складу НКУС і была пераўтворана ў Галоўнае ўпраўленне контрразведкі «Смерш» НКА СССР (ГУКР «Смерш» НКА). Аддзел контрразведкі «Смерш» БВА быў створаны ў лістападзе 1943 года. Гісторыя ваеннай контрразведкі «Смерш» доўжылася ўсяго 3 гады і скончылася ў маі 1946 года, калі ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ГУКР «Смерш» увайшло ў склад Міністэрства дзяржбяспекі СССР у якасці самастойнага галоўнага ўпраўлення (ваенная контрразведка).

У 1992 годзе Пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі ў структуры рэспубліканскага КДБ было створана Упраўленне ваеннай контрразведкі.
Наверх