Тэлефон даверу
Калі вы валодаеце інфармацыяй аб учыненых або маючых адбыцца злачынствах, пазваніце па тэлефоне:
8 (017) 219-92-99
Галоўная Для СМI Паведамленнi

Паведамленнi

Аб спыненні супрацьпраўнай дзейнасці

02.11.2015
КДБ Рэспублікі Беларусь спынена супрацьпраўная дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая арганізавала схему ажыццяўлення незаконнай гаспадарчай дзейнасці, звязанай з нявыплатай падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле папярэдніх ацэнак ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю, толькі чатырма фірмамі з групы кампаній «Біякам» за апошнія гады не выплачаны падаткі на суму не менш як  144 млрд. рублёў.

Устаноўлена, што злачынная схема распрацавана і рэалізоўвалася па ініцыятыве кіраўніцтва групы кампаній «Біякам» з задзейнічаннем шэрага падкантрольных замежных камерцыйных структур з васьмі краін.

Пасля прыбыцця прадукцыі ў пункты мытнага афармлення Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі злачыннай групы ажыццяўлялі замену міжнародных таварасуправаджальных дакументаў (інвойсаў) на фіктыўныя. Адпраўшчыкамі замест фірм-вытворцаў указваліся падкантрольныя афшорныя кампаніі, а кошт тавару павялічваўся да трох разоў. На ўнутраным рынку гэтыя тавары прадаваліся прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу з мінімальнай гандлёвай надбаўкай, што давала магчымасць зламыснікам заяўляць аб мінімальных даходах і тым самым выплачваць сумы падаткаў толькі з нязначнай часткі рэальнага прыбытку. Асноўная яго частка вярталася ў замежнай валюце за мяжу лжэпастаўшчыкам.

Пры гэтым прычыненне ўрону ад злачыннай дзейнасці заключалася не толькі ў нявыплаце падаткаў. Харчовыя надбаўкі, ветэрынарныя прэпараты, а таксама матэрыялы і тэхналагічнае абсталяванне складаюць значную долю сабекошту прадукцыі птушкагадоўлі і жывёлагадоўлі. Іх завышаны кошт уплываў на канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў, а таксама прыводзіў да завышаных цэн на адпаведную прадукцыю ў гандлёвых сетках. Інакш кажучы, у выніку звышдаходы злачыннай групы фарміраваліся за кошт павышаных расходаў канчатковага спажыўца.

Трэба адзначыць, што ў многім аналагічныя «шэрыя» схемы яшчэ больш маштабна выкарыстоўваліся і кіраўнікамі ЗАТ «Консул» (г. Брэст), злачынная дзейнасць якіх спынена КДБ Рэспублікі Беларусь у кастрычніку бягучага года.

У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і неадкладных следчых дзеянняў выяўлена і канфіскавана 14 пячатак падкантрольных замежных структур з Іспаніі, Партугаліі, Славеніі, Чэхіі, Польшчы, Латвіі, Кіпра і іншых дзяржаў, праз рахункі якіх ажыццяўлялася кіраванне «ценявымі» фінансавымі патокамі.

Адносна ўладальніка групы кампаній «Біякам» Паўлоўскага А.П., а таксама шасці прадстаўнікоў яе кіраўніцтва ўзбуджана 4 крымінальныя справы па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Санкцыяй суда прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Згаданыя службовыя асобы затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ.
Наверх